Бар’еры паміж людзьмі і бар’еры у навакольным асяроддзі
Дыскусійную пляцоўку пра перашкоды ва ўзаемадзеянні гродзенцаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і людзей без такіх правяло ў Гродне 10 мая грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”.
Пра дыскусію распавядае старшыня праўлення “Цэнтра “Трэці сектар” Вітаўт Руднік:
— Гэтая дыскусія робіцца ў першую чаргу для таго, каб гараденцы пачалі размаўляць пра тыя праблемы, якія хвалююць гарадзенцаў. У дадзеным выпадку гарадзенцы, якія маюць меншыя магчымасці ў параўнанню з людзьмі без абмежаваных фізічных магчымасцяў. Гарадзенцы, якія сядзяць замкнутыя ў чатырох сценах, таму што ні ў горад не могуць выехаць таму што на калясцы не асабліва дзе праедзеш. Нават са свайго трэцяга паверху не заўсёды могуць спусціцца. Круглы стол накіраваны на тое, каб у горадзе стала крыху галосна пра праблемы гэтых людзей. Каб яны самі пачалі прапаноўваць тыя спосабы вырашэння праблем, якія яны самі бачаць ідэальнымі. Каб людзі, якія не маюць абмежаванняў таксама думалі як яны могуць дапамагчы сацыялізавацца, дапамагчы быць карыснымі грамадству. Таму што — гэта нашыя сябры, суседзі, можа быць гэта мы самі заўтра.
Першы крок – гэта заўсёды размова, таму што, людзі якія знайшлі час і магчымасць гаварыць гэта ў нашай беларускай сітуацыі таксама нешта значыць. Я не маю ілюзій, што заўтра нешта пачне мяняцца. Аднак у галовах людзей, што сюды прыйшлі ўжо на гэту хвіліну ёсць нешта, што можна з гэтым рабіць. Хтосьці заўтра пачне сябраваць, хтосьці пачне супрацоўнічаць. Як доўгатэрміновы эфект я бачу – людзі, што маюць фізічныя абмежаванні, будуць больш патрабаваць рэалізацыі сваіх правоў, а — людзі, што такіх абмежаванняў не маюць – будуць больш падтрымліваць такіх людзей. Каб канвенцыя па правах інвалідаў была падпісана Беларуссю, каб у Гародні не было сорамна, што сюды не могуць людзі калясачнікі прыехаць калі не маюць тут ніякіх сувязяў, людзей, якія могуць іх прыняць, перацягнуць на гэтых калясках. Калі нашы гатэлі нарэшце будуць нармальна адаптаваны, транспарт гарадскі будзе падыходзіць да праезду. Гэта — тыя доўгатэрміновыя эфекты, на якія мы спадзяемся, калі будзем размаўляць, даносіць вынікі гэтых размоваў да ўладаў, да іншых арганізацый.
На дыскусію прыйшлі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі і апекуны, сябры “Асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў”, “Гродзенскага дзіцячага хоспіса”, ініцыятыўнай групы “Крок насустрач”, эксперты “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”, журналісты.
Пад час дыскусіі ўздымаліся праблемы, што датычаць кожнага з іх, людзі з іншымі абмежаванымі магчымасцямі распавядалі пра свае праблемы. Прадстаўнікі арганізацый, што аб’ядноўваюць такіх людзей, таксама дзяліліся сваімі праблемамі і досведам.
Наведвальнікі дыскусіі выказалі сваё спадзяванне на тое, што падобныя дыскусіі ў Гродна будуць працягвацца і прывядуць да паступовай змены ў гарадзенскай архітэктуры.
Дыскусія цягнулася больш за 2 гадзіны і яна стала першым крокам да таго. Што пра праблемы гэтых людзей ў Гродна не будуць забывацца.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны