У Гродна знойдзены надмагільны камень польскага лекара
Надмагільны камень польскага лекара Вацлава Сівіньскага знойдзены гарадзенскім гісторыкам Андрэем Ціхаміравым каля гарадзенскай сінагогі.
Знаходку каментуе Андрэй Ціхаміраў ў сваім фейсбуку:
– Аказалася, што гэта хутчэй за ўсё надмагілле вайсковага лекара Вацлава Сівіньскага, які ў 1923 г. служыў у 66 Кашубскім палку пехоты, а ў 1929 г. (ў год сваёй смерці) быў лекарам у Цэнтральнай Школе Падафіцэраў Корпусу Аховы Памежжа ў Асоўцы.
Пра камень і месца знаходкі распавядае Андрэй Чарнякевіч, адзін з аўтараў кнігі “Біяграфія гарадзенскіх вуліц”:
– У сінагозе пасля вайны знаходзіліся майстэрня па вырабу і рамонту надмагільных камяней. Хутчэй за ўсё знойдзены камень туды прывезлі, а потым забылі ўсталяваць па-новай. Гэтая версія падаецца мне найбольш верагоднай, таму што бліжэйшыя хрысціянскія могілкі вельмі далёка.
Бліжэйшыя жыдоўскія могілкі знаходзяцца ад гэтага месца у 300-500 метрах, на месцы сучаснай паркоўкі па вуліцы Вялікай Траецкай, і там некалькі год таму гарадзенскія гісторыкі знайшлі адзіны надмагільны камень на жыдоўскай мове.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны