Судны дзень у Гродна за акцыю супраць русіфікацыі польскай школы
Для дзесятка гарадзенцаў 6-га чэрвеня стаў «судным днём». Яны былі асуджаныя судом Ленінскага раёну горада Гродна за ўдзел у акцыі, што адбылася насупраць гарадзенскага аблвыканкама 1-га чэрвеня 2012 году.
Юля Каляда атрымала 25 базавых велічынь за выкрыкванне лозунгаў на мове польскай дзяржавы. Віталь Ждановіч аштрафаваны на 20 базавых, не з’яўляецца сябрам Саюза палякаў, у акцыі не ўдзельнічаў, але па нацыянальнасці аказаўся палякам, што на думку суддзі не выпадкова. Пётр Табола заступіўся за жанчыну і быў асуджаны на 23 базавыя велічыні. Гарадзенскую журналістку Гражыну Шалкевіч пакаралі «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Паводле рашэння Ленінскага суда, Гражына Шалкевіч мусіць заплаціць штраф у памеры 5 мільёнаў рублёў.
Суды ў Гродна будуць працягвацца.
Нагадаем, што 1 чэрвеня 2012 у Гродна на несанкцыянаваным пікеце ў абарону польскае школы № 36, які сябры Саюзу палякаў зладзілі ля аблвыканкаму, міліцыя затрымала 21 чалавека.
Аднаго з іх, актывіста СПБ Ігара Банцара, асудзілі на 13 сутак. Астатнія затрыманыя чакалі судоў 4 чэрвеня, але разгляд справаў перанеслі. Сябры непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў пратэстуюць супраць таго, што польскай школе № 36 плануюць стварыць класы з расейскай мовай навучання. Актывісты СПБ звярталіся ў Гарадзенскі гарвыканкам з заяўкамі, каб зладзіць чатыры пікета, аднак ім адмовілі.
Сітуацыя з польскай школай у Гродна, пабудаванай за грошы польскай дзяржавы цягнецца даволі даўно.
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны