«Басовішча-2012» вачыма гарадзенца
23-ці фэст музыкі маладой Беларусі «Басовішча» адбыўся 13-14 ліпеня 2012 ў Гарадку, што на Беласточчыне.
Для нас гарадзенцаў гэты фэст можна сказаць распачаўся ў Гародні, калі ў гіпермаркеце «Еўраопт», што каля чыгуначнага вакзала мы сустрэлі Аляксандра Памідорава. І далей увесь шлях да паляны Борык, што каля Гарадка, Памідораў нас суправаджаў.
Фэст «Басовішча-2012» запомніўся наступным момантам: вельмі малой колькасцю наведвальнікаў з Беларусі. Мне, да прыкладу, падалося, што хэдлайнерамі першага дню фэста былі не музыкі, што выступалі на галоўнай сцэне, а ды-джэі, што гралі на сцэне альтэрнатыўнай.
На другі дзень сітуацыя амаль не змянілася. Быў момант калі падалося, што хэдлайнерамі фэсту былі «Кальмары» з Бярозы, а не зоркі беларускай рок-каранацыі «Нейрадзюбель» і «Зніч».
На выступ «Дзюбелей» сабралося можа пару сотняў чалавек, якія праўда падпявалі Аляксандру Кулінковічу так, што здавалася натоўп у дзесяткі разоў большы.
Арганізатары «Басовішча-2012» кажуць, што магчыма ў наступным годзе сітуацыя можа змяніцца. Аднак склалася ўражанне , што фэст маладой Беларусі на Беласточчыне паступова ператвараецца ў фэст польскай музыкі. Самая большая колькасць наведвальнікаў была на польскіх гуртах, мясцовых, што пяюць па-беларуску і агульна польскіх зорках, што былі запрошаныя арганізатарамі фэсту.

Гарадзенцам «Басовішча-2012» запомнілася вельмі малой колькасцю наведвальнікаў з Беларусі - Фота: Беларускія рэгіянальныя навіны
Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны