У Глыбокім адсвяткавалі Дзень беларускага пісьменства
Глыбокае такога яшчэ не бачыла. Тысячы людзей з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа з’ехаліся ў горад. Кавярні пад адкрытым небам, атракцыёны, парашутысты, шрубалёты, поп-спевакі, жывая музыка ў розных частках горада, процьма ежы і забаваў.
Чаго і каго толькі не было 2-га верасня 2012 ў Глыбокім! Не было хіба кіраўніка дзяржавы, які не стаў парушаць традыцыю — абмінаць Глыбокае стараной.
Афіцыйная цэрымонія адкрыцця свята праходзіла на вялікай сцэне, якую ўсталявалі на цэнтральным пляцы горада.
Усе подступы да плошчы ахоўвалі АМАП і міліцыя. Людзей, якія праходзілі праз турнікеты, абшуквалі. Але такія надзвычайныя меры бяспекі відавочна не былі абумоўлены дбаннем пра бяспеку гледачоў, а хутчэй пра бяспеку высокіх гасцей, якія і адкрывалі свята, а пасля выканання пачэснай місіі сядзелі на першых шэрагах ля сцэны.
Калі яны сышлі, турнікеты знялі, АМАПаўцаў паменела, па плошчы можна было ўжо шпацыраваць і з бутэлькамі вады, і з парасонамі, хоць без апошніх можна было абысціся. З надвор’ем насуперак прагнозам пашанцавала. Было цёпла, нават крыху спякотна.
Вядучыя і выступоўцы на цэрымоніі адкрыцця прамаўлялі па-беларуску, на роднай мове выступалі нават афіцыйныя асобы. Старшыня аргкамітэту свята намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік па-беларуску зачытаў прывітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі. Па-беларуску прамаўлялі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, глыбоцкі «мэр» Алег Морхат, біскуп Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Веніямін. Па-руску выступаў толькі старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец.
Пасля гэтага выступу адбылася цэрымонія ўзнагароджання пісьменнікаў-пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор 2012 года.
За тое на свяце было шмат кнігаў, у тым ліку і тых, якія выдаваліся ў Глыбоцкім краі. Добра былі прадстаўлены Глыбокае, Паставы, Полацк.
Другога верасня ў Глыбокім афіцыйна адкрылі алею славутых землякоў. Гэта беспрэцэдэнтная падзея для горада, якая не мае ў Беларусі аналагаў.
Побач з новым фантанам усталявалі меншую сцэну, на якой узнагароджвалі прадстаўнікоў дзяржаўнай прэсы, спявалі і танчылі прадстаўнікі народных калектываў.
Побач расцягнуўся вялікі павільён, прысвечаны кнігам, паліграфіі і прэсе. Быў павільён, які рэпрэзентаваў выдавецкую прадукцыю саюзнай дзяржавы.
Па ўсяму цэнтру Глыбокага былі раскіданыя падворкі. Акрамя падворкаў, прадстаўляючых ці не кожны райцэнтр Віцебшчыны, былі латышскі, польскі, армянскі, рускі, украінскі і нават габрэйскі падворкі.
У розных кутках горада гучала музыка. Выступалі, як прафесіяналы, так і аматары. Музыкі, спеваў было як ніколі шмат.
Розныя вуліцы разбілі на некалькі тэмаў. Так, напрыклад, па Энгельса можна было даведацца пра гісторыю пісьменнасці (ад агню да пяра). Менавіта тут месціліся інсталяцыі і выставы Дамоў рамёстваў з розных гарадоў краю.
Глыбачане не хавалі сваіх эмоцыяў. Нягледзячы на аўральныя ўмовы падрыхтоўкі, свята ўдалося. І тут вялікая заслуга Алега Морхата, які ў вачах многіх глыбачанаў, стаў сапраўдным героям дня. Увечары падчас закрыцця свята удзельнікам канцэрта ўручаліся кветкі ад Косінца і Морхата. Кветкі ад глыбоцкага мэра аўдыторыя сустрэла авацыямі. Пад вечар Морхата можна было заўважыць, шпацыруючым па Глыбокаму з іншымі знанымі гасцямі.
Падрыхтоўка да свята ішла напалеонаўскімі тэмпамі. Многае не паспелі зрабіць, нават у цэнтры горада. Напрыклад, асфальт на Маскоўскай паклалі толькі часткова. Сумным напамінам аб трагедыі, якая здарылася некалькі дзён таму, калі рабочы сарваўся з даха, вянкі на месцы здарэння.
Але паспелі дастаткова шмат. І гэта застанецца гораду. Напрыклад упарадкаванае ўзбярэжжа возера Кагальнага з лаўкамі і альтанкамі. Адкрыліся новыя фантаны, з’явілася зона адпачынку для дзяцей у самым цэнтры горада, запрацаваў рэнававаны Ўнівермаг.
Крыніца: Весткі.info